Эвалюцыя творчасці, ці мастацтва 2.0: глядзім на Беларусь вачамі штучнага інтэлекту

Апублікаваць выяву
Выставы
January 24
10 хвiлiн чытання
0 каментары

Што агульнага паміж Леанардам да Вінчы і беларускімі валошкамі? А паміж Эндзі Ўорхалам і айчыннымі БелАЗмі? Ды тое ж самае, што і паміж Ван Гогам з нашымі дранікамі. Ён, вядома, у свой час пісаў “Едакоў бульбы”, а не едакоў залацістых дранікаў з хрумсткай скарыначкай, але з той пары свет пайшоў далёка наперад. Гэтак далёка, што ў самым цэнтры Мінска нашумелая галерэя FARBA адважылася зладзіць выставу, усе працы якой былі згенераваны штучным інтэлектам. Трохі магіі AI — і вось ужо Мона Ліза цешыцца валошкамі, Максім Багдановіч вядзе Твітар, а Оперны Лангбарда адкрывае філіял на Марсе… Як бачаць нашу краіну папулярныя сёння нейронавыя сеткі? Якую частку загадкавай беларускай душы яны так і не змаглі разгадаць? І каму дакладна варта пайсці па шляху аўтара гэтага артыкула? Адказы шукайце ў матэрыяле з самай інавацыйнай экспазіцыі Беларусі.

На выставы з маім, як мовяць, partner in art crime мы ходзім рэгулярна. Імпрэсіяністы, экспрэсіяністы, абстракцыяністы… Але ж, вядома, галоўная “любоў” таго самага partner in art crime ува ўсім спісе гэтых “-істаў” — сюррэалісты. Тут што ні паход, то неадменна з пытаннем — гэта лёгкая наркаманія ці мы ўсе ж перайшлі ў катэгорыю для дарослых? Жарты жартамі, але наш творчы тандэм даўно і сур'ёзна залічаны ў шэрагі добра спрактыкаванай публікі. Я — як чалавек, які жвава цікавіцца тэмай мастацтва і, у сілу сваёй адукацыі, здольны адрозніць Manet ад Monet, мой partner in art crime — як чалавек, які ў сілу свайго выхавання аніразу не адмовіўся ламаць галаву над задумамі аўтараў, якія часам і сапраўды стваралі пад нечым моцнадзейным. Ніякай прапаганды, выключна канстатаванне мастацкіх фактаў!

Дарэчы пра апошніх, ну ці проста сухая факталогія без фрывольнай ацэнкі аўтара: выстава #НейраБеларусь — гэта новы праект ад галерэі FARBA. Той самай, дзякуючы якой беларусы могуць не толькі адухоўлена гуляць па экспазіцыйных залах, дакранаючыся да прыгожага, але і рабіць гэта ў займальнай, простай і цалкам зразумелай кожнаму форме. Карацей кажучы, FARBA — гэта пра спазнанне творчых задум часам самых незразумелых аўтараў. Толькі без закатвання вачэй гіда, калі раптам вы не адразу зразумелі, пра якога з Манэ вам спрабуюць распавесці, а з займальнымі лекцыямі, цікавымі майстар-класамі, прадуманымі квэстамі і інфарматыўнымі падкастамі.

nejro_fb4729d33b.jpg

Так, на прыклад, дзякуючы FARBA і іх выставе “Сны пра Японію”, беларусы ўжо даведаліся, што ўкіё-э — гэта не выхадкі аўтавыпраўлення ў тэлефоне, а цэлы кірунак у японскім мастацтве, што імкнецца захаваць нясталасць сыходзячага свету. Запомнілася FARBA і выставай па сусветным поп-арце, графіцы Сальвадора Далі, а таксама нясмелым спробам сабраць галерэю з прац, створаных штучным інтэлектам, якія тады аб’ядналі з карцінамі рэальных беларускіх мастакоў. Зараз жа на суд спрактыкаванай і не вельмі публікі выставілі адразу 90+ прац, напісаных у самых розных тэхніках. І што характэрна, пісаў іх выключна штучны інтэлект… Зрэшты, перапынімся з ланцужком фактаў і дадамо трохі ацэнкі аўтара — 90+ прац, згенераваных, а не напісаных штучным інтэлектам. Усе ж аддамо належнае Мікеланджэла, Босху, Ван Гогу і іншым джэнтльменам, якія сапраўды пісалі свае карціны. Штучны ж інтэлект, нягледзячы на ўсё яго майстэрства, працы згенераваў, калі каманда FARBA спытала яго, як ён бачыць нашу краіну.

— Спадзяюся, абыдзецца без стэрэатыпных валошак, буслоў і дранікаў! Ён жа такі разумны, не так даўно ў падкасце ВВС расказвалі, што навукоўцы папрасілі AI пашукаць новыя антыбіётыкі, таму што самі не вывозяць ужо, — абмяркоўвалі мы з partner in art crime нашы чаканні ад будучай выставы, пакуль слізгалі па заснежаным цэнтры Мінска ў бок Пл. Свабоды, 8. Па іроніі лёсу, першае, што паказала #НейраБеларусь, — гэта валошкі, буслы і дранікі. Патройнае комба! Зрэшты, не будзем перамяншаць размах трагедыі, якая разгульвалася наўпрост пры ўваходзе: поруч з гэтай стэрэатыпнай раскошай былі яшчэ зубры, бульбачка і БелАЗы. Вось зараз дакладна поўны камплект.

zubry_8ba37f5103.jpg

— Дзяўчаты, у нас для студэнтаў зніжка, — сказала ветлая гід, тым самым, здаецца, элегантна ператварыўшы трагедыю ў лёгкую камедыю. Ва ўсякім разе, усцешаныя дзяўчаты гулліва хіхікнулі ў адказ і, заплаціўшы 14 рублёў за поўны квіток, адправіліся на вывучэнне ўсяго, што згенераваў AI, спрабуючы ўявіць Беларусь.

Новае мастацтва — новыя падыходы да яго вывучэння

Агляд “адной з самых інавацыйных выстаў Беларусі”, як ахрысцілі яе аўтары ў сваім прэс-рэлізе, дарэчы, таксама цалкам згенераваным штучным інтэлектам, пачаўся не меней “інавацыйна” — з разблакавання айфона. Аўтары экспазіцыі паклапаціліся пра тое, каб ніхто дакладна не закаціў вочы, калі наведвальнікі раптам чагосьці не зразумеюць, таму класічных гідаў, якія распавядаюць, што ж хацеў сказаць аўтар, тут няма. Затое ёсць выдатны падкаст, запісаны на рускай і беларускай мовах (за гэта адназначная падабайка FARBA), для праслухоўвання якога досыць проста адсканаваць QR-код на квітку.

А далей бадзёры голас дыктара раскажа пра тое, што ўвогуле такое штучны інтэлект (спойлер, абмяркоўваць яго пачалі не ў 2023-ім, а ў далёкім 1956-ым годзе), як з'явілася ідэя выставы, а таксама шпарка пазнаёміць з галоўнымі аўтарамі экспазіцыі — GPT, Midjourney і Splash Pro AI. Без гэтай хвалебнай кампаніі не было б не толькі карцін #НейраБеларусі і прэс-рэлізу пра яе. Паводле слоў аўтараў выставы, штучны інтэлект тут крэатывіў ідэі, працаваў над інфармацыйнымі стэндамі экспазіцыі і нават пісаў музыку для падкасту. Слухаючы ўсё гэта, так і падмывала крыкнуць класічнае “O tempora, o mores!”, але ж заміж яго на волі апынулася цытата сучасніка:

— Сомнительно, но окэй, — сказаў наш творчы тандэм, калі даведаўся, што тая частка экспазіцыі, якую мы сходу аднеслі ў разрад “стэрэатыпных трагедый”, апынулася прачытаннем “асацыятыўных знакаў Беларусі”.

Чытаць іх, дарэчы, можна двума спосабамі. Стараверы могуць проста паглядзець на альтэрнатыву палотнам да Вінчы, Магрыта, Уорхала і іншага “цяжкага люкса” са свету мастацтва. Публіцы ж больш тэхнічна прасунутай прапануюць скарыстаць яшчэ і инстаграмные маскі. Дзякуючы ім усё тыя ж альтэрнатывы палотнаў “мастацкага люкса” бадзёра ажываюць на экранах симартфонов. Праўда, не заўсёды захоўваючы гістарычную справядлівасць. Так, на прыклад, ажылая Мона Ліза на адной з карцін вырашыла здзівіць спрактыкаваную публіку … яркімі бровамі. Здаецца, Леанарда, што 12 гадоў ламаў галаву над тым, як бы напісаць твар Мона Лізы, таксама быў бы не супраць працытаваць нашага сучасніка.

Погляд AI на класіку ды класікаў

Услед за “цяжкім мастацкім люксам” на суд публіцы паўстаў люкс архітэктурны. Камянецкая вежа, Оперны Лангбарда, Мірскі замак, “дыяментавая” Нацыяналка, полацкая Сафія… Ну, вы зразумелі, усё тое, што прынята лічыць класічным цяжкім архітэктурным люксам! Толькі замест звыклых краявідаў за імі — марсіянская пустыня, футурыстычныя неонавыя гарады ды іншыя нечаканасці. Цікава, адным словам.

teatr_opery_14282cd4c0.jpg

Зрэшты, глядзець на тое, як штучны інтэлект асэнсаваў традыцыйныя беларускія святы, было яшчэ больш пацешна. Выбраўшы па адным абрадзе на кожны сезон, аўтары экспазіцыі папрасілі AI уявіць, як гэтыя святы адзначалі б героі папулярных фільмаў. Атрымалася, як мінімум, вельмі весела.

dozhinki_ostryh_krzyrkov_5b9d96f9c2.jpg

Мабыць, самая незразумелая частка выставы — астралогія. Нават з тлумачэннямі аўдыягіда наш творчы тандэм так і не змог зразумець, якое дачыненне да бачання Беларусі штучным інтэлектам маюць знакі задыякаў. Справядлівасці дзеля, інтэрактыў у гэтай частцы экспазіцыі быў нядрэнным. Ва ўсякім разе, ён спадабаўся і Рыбам, і Скарпіёну.

znaki_zodiaka_eeb14537a8.jpg

Кім па знаках задыяка былі знакамітыя сыны Беларусі, аўдыягід змаўчаў. “Хоць нядрэнная сувязь суседніх экспазіцый магла б атрымацца”, — заўважылі мы, падыходзячы да той частцы залы, са сцен якой на нас глядзелі Сымон Будны, Міхал Клеафаст Агінскі, Купала, Багдановіч ды іншыя “культурныя крашы Беларусі” (паміж намі мы назвалі гэту частку экспазіцыі менавіта так). Зрэшты, штучны інтэлект на тое і машына, каб захоўваць спакой нават пры такіх джэнтльменах. Ва ўсякім разе, пакуль наш творчы дуэт шматзначна ўздыхаў, AI прыдумаў, як выглядалі б профілі гэтых легендарных мужчынаў у сацыяльных сетках. Спойлер, выглядалі б выдатна, прынамсі, мы захацелі падпісацца. На ўсіх. І адразу.

profili_4027e5ec01.jpg

Легендарная Беларусь вачамі AI

З таго, што моцна ўразіла, — зала з працамі, якія ілюструюць беларускія легенды і міфалагічных істот. Першыя адмаляваны штучным інтэлектам у тэхніцы, што імітуе малюнкі простым алоўкам. Другія — у стылі стымпанка, бо беларуская міфалогія, як і гэты кірунак у мастацтве, практычна не мае ніякіх абмежаванняў. Ну хіба што абмежаванне адвагай фантазіі, а з гэтым у нашых продкаў, як вызначылася падчас праслухоўвання падкасту, усё было ў поўным парадку. Не тое, каб наш творчы тандэм адрозніваўся моцнай нясмеласцю і сарамлівасцю, але на аповедах пра асаблівасці абрадаў усхвалення ды вітаня Ярылы лёгкая засмучанасць усё ж была. Ну добра, лёгкая засмучанасць у перемешку з не менш лёгкай зайздрасцю, бо адпачываць старажытныя беларусы ўмелі вельмі добра.

Дарэчы, пра ўменне адпачыць так, каб усе вакол яшчэ доўга прыгадвалі, распавядае і адна з легендаў у суседняй частцы экспазіцыі. Яна, як ужо было сказана вышэй, не такая яркая, але таксама вартая ўвагі, бо менавіта тут можна даведацца, прыкладам, пра прывід, што пасяліўся ў Мінскай ратушы. Ці яшчэ раз пераслухаць легенду пра Чорную Панну Нясвіжскую, успомніць гісторыю ўзнікнення Свіцязі, а таксама паслухаць легенду пра гаспадыню бурштынавага палаца. Як мінімум, гэта пазнавальна.

Ад міфаў і легендаў, то бок ежы духоўнай, паступова падыходзім да ежы цалкам сабе зямной. Беларуская кухня ў разуменні штучнага інтэлекту такая ж добрая, як і ў разуменні саміх беларусаў. Ва ўсякім разе, здагадацца, дзе рэальныя фатаграфіі, а дзе малюнкі ад AI атрымвалася карэктна не заўсёды. Мяне, на прыклад, падвялі не тое клёцкі, не тое пачуццё голаду, якое выяўна абвастрылася ў час разглядвання гэтай часткі экспазіцыі і часам уводзіла ад сутнасці задання да думак пра хуткі абед.

Метадам проб і памылак

Мінуўшы частку выставы, дзе штучны інтэлект прагназуе будучыню, прытым робіць гэта адразу ў двух сцэнарах — пазітыўным і негатыўным —, мы апынуліся ў мінулым. Гістарычны блок, падзеі для якога былі старанна адабраны GPT, адмаляваны ў коміксавай стылістыцы. Мабыць, гэта тое, чым можна лёгка зачапіць наступнае пакаленне, бо візуальна такая падача ім бліжэйшая. За гэта адназначная падабайка аўтарам выставы! Але ў цэлым гістарычная частка выклікала… Не, на жаль, не захапленне і гонар. Хоць са сцен тут глядзелі Скарына з яго першадрукаванай Бібліяй, легендарная Каложа ў Гародні, свежасатканыя Слуцкія паясы, беларусы часоў шляху “з вараг у грэкі” і, на жаль, маса памылак.

Midjourney, які маляваў працы для гэтай часткі экспазіцыі, выяўна даў маху і не адзін раз. Пакінем за дужкамі пытанне, чаму яго не выправілі людзі, бо памылкі даволі відавочныя. На прыклад, Каложская царква, якая з'яўляецца ўнікальным помнікам арітэктуры тых часоў, у выкананні штучнага інтэлекту раптам стала класічным храмам з вялікім купалам-цыбулькай і мноствам цаглінак. Далёка не тое, як выглядае храм цяпер, і тым больш не тое, як ён выглядаў у момант свайго будавання — з масіўнымі муравана-цаглянымі сценамі, упрыгожанымі маёлікавымі плітачкамі ў выглядзе крыжоў. Памеры Каложи былі куды больш сціплымі: і ў самога храма, і ў яго нетыповага для нашага часу купала, і, тым больш, у вокнаў. Так што тут зусім міма.

Слуцкія паясы, якія ў выкананні Midjourney, ткуць кабеты, насамрэч ткаліся выключна мужчынамі. Хоць культурны краш з суседняй залы, то бок Максім Багдановіч, і пісаў некалі пра слуцкіх ткачых, факт застаецца фактам: нават у самыя залатыя часы, калі на Слуцкай мануфактуры працавала да 55 майстроў, да справы ніколі не дапускаліся жанчына. Вось такі сэксізм 18 стагоддзя.

sluczkie_poyasa_8c0ecb2b48.jpg

Ну і беларусы часоў шляху “з вараг у грэкі” выклікалі масу пытанняў. Па-першае, шлях ад Балтыйскага мора да Візантыі меў найважнае гандлёвае і культурнае значэнне, Midjourney жа намаляваў усё так, нібы мужчыны адправіліся на захоп новых тэрыторый. Па-другое, роля нашых продкаў на гэтым шляху палягала ў тым, каб абслугоўваць валокі — забагненыя пляцоўкі паміж суднаходнымі рэкамі. Валачане, зазвычай, гэта жыхары найбліжэйшых паселішчаў, займаліся тым, што перацягвалі па валоках суда, што ішлі па шляху. Праца гэта была, шчыра кажучы, складанай, але ў той жа час прэстыжнай і вельмі добрае аплатнай, праўда, зусім не падобнай на тую, што намаляваў Midjourney. Так што яшчэ адно міма. Шкада, што ўсе гэтыя недакладнасці прыпалі менавіта на гістарычны блок, які, да ўсяго іншага, яшчэ і прэтэндуе на тое, каб навучаць самых юных наведвальнікаў выставы.

Красамоўства экспанатаў і гасцей #Нейрабеларусі

Апроч ужо пералічаных гісторыі, міфалогіі, нацыянальнай кухні і святаў, на #НейраБеларусі можна паглядзець яшчэ і бачанне штучнага інтэлекту нашай прыроды. Тут можна сказаць хіба што “вельмі прыгожа”.

priroda_efa275b3c7.jpg

Наступная частка выставы была куды больш красамоўнай. Бо яна распавядала, як штучны інтэлект бачыць рускія і беларускія ўстойлівыя выразы, фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі, адным словам, ідыёмы. І калі рускамоўныя былі адгаданы адразу, то з беларускімі варыянтамі давялося літаральна папацець. Трохі няёмка, калі ўлічваць філалагічны бэкграўнд аўтара.

— Прабачце, а для чаго вось гэта ўсё? — бадзёра цікавілася спадарыня ва ўзросце, якая шчыра спрабавала зразумець гэты загадкавы штучны інтэлект.

— Мы ж усе з нечага пачыналі, вось і ён пакуль толькі вучыцца. Хто ведае, што ён зможа рабіць заўтра, — шматзначна адказала тая самая кабета, якая напачатку выставы адвесіла нам студэнцкі камплімент.

Здаецца, адказ на яе шматзначнае “Хто ведае” быў схаваны ў імерсійным кіно пра лічбавую эвалюцыю, якое стала яскравай кропкай ва ўсёй экспазіцыі. Пагрузіцца ў будучыню, дзе штучны інтэлект вельмі цесна суседзіць з чалавекам, дапамагае выява, якая праектуецца адразу на ўсе плоскасці. Так што аўтар пакіне за сабой права не ўдакладняць, ад чаго галава ішла колам мацней: ад такіх перспектыў ці ўсё ж ад выключнай імерсіі.

У цэлым, выстава рэкамендавана ўсім, хто цікавіцца культурай ды гісторыяй Беларусі, сучаснымі тэхналогіямі і, толькі ў апошнюю чаргу, мастацтвам. Ставіць яго на першае месца пакуль не дазваляе, шчыра кажучы, снабісцкі піетэт да да Вінчы, Бацічэлі, Рубенса і іншага “цяжкага люкса”. Напэўна, з часам GPT, Midjourney і Splash Pro AI устануць у адзін шэраг з гэтымі выдатнымі джэнтльменамі, ну а пакуль вось так.

Што: новы праект галерэі FARBA #НейраБеларусь Дзе: выстаўная прастора на Пл. Свабоды, 8 Калі: штодня да 3 сакавіка з 12:00 да 21:00 Колькі: поўны квіток — 14 рублёў Студэнцкі — 12 рублёў Пенсіянеры, навучэнцы, шматдзетныя сем'і, інваліды III групы — 10 рублёў

Дарэчы, не спяшаецеся пакідаць выставу адразу пасля прагляду кіно. Арганізатары падрыхтавалі класны квэст па матывах экспазіцыі, пройдучы які можна праверыць не толькі сваю ўважлівасць, але яшчэ і ўважлівасць саміх арганізатараў. Усім, хто дасць рады заданню, абяцаюць 30-адсоткавую зніжку на квіток для іншых праектаў FARBA. Добрая win-win прапанова.

Уверх